Выдадзена чарговая манаграфія дацэнта І. А. Пушкіна

ср, 30/01/2019

Напярэдадні Новага 2019 года ў рэдакцыйна-выдавецім аддзеле Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта харчавання пабачылі свет два выданні, якія маюць дачыненне да кафедры гуманітарных дысцыплін.

Была выдадзена манаграфія кандыдата гістарычных навук, дацэнта кафедры, дактаранта Інстытута гісторыі НАН Беларусі Пушкіна Ігара Аляксандравіча:

Грамадская і культурна-асветніцкая дзейнасць нацыянальных меншасцей у Беларускай ССР (1919–1991) : манаграфія / І. А. Пушкін. – Магілёў : МДУХ, 2018. – 423 с. – ISBN 978-985-572-029-5.

 

У манаграфіі прааналізаваны асаблівасці этнічнай структуры і нацыянальна-культурнай ідэнтыфікацыі насельніцтва Беларусі, вызначаны і ахарактарызаваны асноўныя этапы, кірункі і асаблівасці партыйна-дзяржаўнай палітыкі ў адносінах да нацыянальных меншасцей БССР у агульным кантэксце гісторыі Беларусі і развіцця беларускага грамадства, раскрыты адносіны нацыянальных меншасцей да палітыкі дзяржавы, іх уплыў і значэнне, узаемадзеянне дзяржавы і нацыянальных меншасцей, міжнацыянальныя адносіны ў Савецкай Беларусі. Прааналізавана грамадская і культурна-асветніцкая дзейнасць нацыянальных меншасцей у міжваенны перыяд (1921–1939), паказана іх становішча ў гады Другой сусветнай вайны, ахарактарызаваны іх удзел у грамадскім і культурна-асветніцкім жыцці БССР у пасляваенны перыяд, пад час рэформаў, нарастання крызісу і заканчэння існавання савецкай сістэмы (1945–1991). Раскрыта дзейнасць нацыянальных грамадскіх арганізацый і ўплыў нацыянальных меншасцей на асноўныя працэсы развіцця БССР праз іх удзел у грамадска-палітычных аб’яднаннях і ўладных структурах, паказаны дасягненні і страты нацыянальных меншасцей у справе захавання традыцыйнай культуры. Адрасуецца манаграфія навукоўцам, выкладчыкам і студэнтам, а таксама ўсім, хто цікавіцца айчыннай гісторыяй.

 

Рэцэнзентамі манаграфіі з’яўляюцца: першы прарэктар УА “МДУ імя А. А. Куляшова” доктар гістарычных навук, прафесар Д. С. Лаўрыновіч, вядучы навуковы супрацоўнік аддзела навейшай гісторыі Беларусі Інстытута гісторыі НАН Беларусі кандыдат гістарычных навук, дацэнт В. Г. Мазец, прарэктар па вучэбнай працы УА “МДУ імя А. А. Куляшова” кандыдат філасофскіх навук, дацэнт А. В. Дзячэнка.

 

Пушкін І. А. даследуе ўдзел нацыянальных супольнасцей Беларусі ў грамадска-палітычным і культурным жыцці ў ХХ ст., мінулую і сучасную гісторыю Магілёва, антысавецкі ўзброены супраціў 1920–30-х гадоў. З’яўляецца аўтарам 13 манаграфій (8 у суаўтарстве), 3 курсаў лекцый (1 у суаўтарстве), 12 вучэбна-метадычных работ (3 у суаўтарстве), суаўтарам 12 кніг і 3 альбомаў аб Магілёве, укладальнікам 15 зборнікаў навуковых прац. Аўтар больш за 310 артыкулаў у навуковых выданнях Беларусі, Балгарыі, Літвы, Польшчы, Расіі, Украіны, Чэхіі (на англійскай, беларускай, польскай і рускай мовах).

Бібліяграфічнае апісанне яго прац (1993–2018) і навукова-педагагічная дзейнасць размешчаны ў наступным выданні рэдакцыйна-выдавецкага аддзела:

Бібліяграфічны паказальнік прац і навуковых публікацый кандыдата гістарычных навук, дацэнта кафедры гуманітарных дысцыплін
Пушкіна І. А. / склад. С. М. Гаранінава. – Магілёў: МДУХ, 2018. – 53 с.

 

Падрабязна пазнаёміцца з манаграфіяй і бібліяграфічным паказальнікам можна ў бібліятэцы ўніверсітэта і на старонцы кафедры гуманітарных дысцыплін (раздзелы – склад кафедры і найбольш значныя публікацыі) сайта нашага ўніверсітэта: http://www.mgup.by/?q=ef/gd.